“Так не хочацца, каб зноў прыйшла “карона”.

“Так не хочацца, каб зноў прыйшла “карона”.

Калі ласка, захоўвайце ўсе меры прафілактыкі!”

Працоўны дзень старшай медыцынскай сястры тэрапеўтычнага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ пачынаецца каля 7 гадзін раніцы. І так ужо на працягу больш чым 20 гадоў. Аксана Міхайлаўна — адказная, руплівая, старанная, патрабавальная да сябе і іншых. Імкнецца выконваць сваю работу на выдатна. Таму і не дзіўна, што менавіта Аксана Піскун за добрасумленную, шматгадовую працу была адзначана Падзякай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

 Оксана Пискун на работе

У свой час жанчына скончыла Барысаўскае медыцынскае вучылішча. Яна мясцовая, таму, бясспрэчна, прыехала на працу ў родную райбальніцу. Давялося спачатку некаторы час папрацаваць медыцынскай сястрой у аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі. Затым шчыравала медыцынскай сястрой
у тэрапеўтычным аддзяленні.
— Ведаеце, мне было даспадобы. Кожны дзень новыя пацыенты, з кожным пагутарыш, выканаеш назначэнні — работа насычаная, шматгранная, пастаянна ў руху. Суткі дзяжурства праляталі вельмі хутка, — расказвае Аксана Міхайлаўна. — У 2009 годзе прапанавалі работу старшай медыцынскай сястрой тэрапеўтычнага аддзялення. Працаваць зараз удвая складаней. Гэта ж адказваю не толькі за сваю справу, але і за іншых. Даводзіцца прыходзіць на працу вельмі рана. Неабходна прыняць змену, калі ёсць пытанні, вырашыць, звярнуць увагу на захаванне ў аддзяленні санітарна-эпідэміялагічных нормаў, калі паступілі пацыенты, аформіць, затым пачынаю выдаваць медыкаменты…
Калі на базе райбальніцы функцыянаваў шпіталь, Аксана Піскун працавала старшай медыцынскай сястрой трэцяга і другога інфекцыйных аддзяленняў.
— Ці было страшна?! Магчыма, толькі спачатку, калі дакладна не ведалі, што гэта за вірус, як з ім змагацца. Проста нельга ні ў якім разе ігнараваць меры ўласнай бяспекі. Ведаеце, мае абавязкі ў сувязі з працай у шпіталі кардынальна не змяніліся: афармляла пацыентаў, выдавала медыкаменты. Ды ўсё было рабіць складаней, бо апранутыя былі ў сродкі індывідуальнай аховы.
Вядома ж, пасля такой напружанай фізічна і маральна працы неабходна добра адпачываць. Чэрпае бадзёрасць Аксана Міхайлаўна ў сям’і. Яны з мужам Сяргеем Міхайлавічам жывуць ва ўласным доме. Трымаюць даволі вялікую гаспадарку. Таму прачынаецца Аксана Міхайлаўна, увогуле, вельмі рана – на гадзінніку няма яшчэ і 5 гадзін раніцы.
— У нас невялікі агарод “для душы”. Шчыра прызнаюся, мне даспадобы працаваць на зямлі, — расказвае Аксана Міхайлаўна. — Прыходжу з працы стомленай, штосьці прапалола, пасадзіла – адразу ж вяртаецца добры настрой, адчуваю сябе бадзёра! Люблю кветкі — лілеі, аксаміткі, ружы.
Аказваецца, Аксана Піскун шматдзетная матуля і ўжо нават бабуля. Старэйшая дачушка Вераніка звязала жыццё таксама з медыцынай,
скончыла медкаледж.
Сын Ілья вучыцца на чацвёртым курсе ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС
Рэспублікі Беларусь. Малодшая дачушка Вікторыя – вучаніца чацвёртага класа.
— Калі толькі пачалі гаварыць пра “карону”, я расказала сваёй малодшай дачушцы, што гэта за інфекцыя такая, як перадаецца. Растлумачыла: неабходна дасканала мыць рукі і апрацоўваць іх антысептыкамі, — расказвае медык. – І Віка адразу ж усё зразумела. Дзіўна, нават нас зараз кантралюе, каб мылі рукі, апрацоўвалі іх антысептычнымі сродкамі. Я і зараз нагадваю пастаянна блізкім, родным, што ні ў якім разе нельга ігнараваць меры прафілактыкі. Мы ў бальніцы зараз рыхтуемся да другой хвалі каранавіруснай інфекцыі: ёсць неабходныя сродкі індывідуальнай аховы, абсталяванне. І калі спатрэбіцца, я зноў магу працаваць у шпіталі.
Але, ведаеце, так не хочацца, каб да нас прыйшла зноў “карона”. Мы робім для гэтага, здаецца, усё магчымае: наведвальнікам паліклінікі вымяраюць тэмпературу бескантактным тэрмометрам, у бальніцы захоўваецца масачны рэжым, абмежавана наведванне хворых, у нас у аддзяленні стаяць дазатары
з антысептыкамі… Але хочацца, каб і людзі былі больш уважлівымі да свайго здароўя.

Парады па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі

— У месцах масавага знаходжання людзей (гандлёвыя аб’екты, пошта, банк, паліклініка) абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання.
— Дасканала мыць рукі і апрацоўваць антысептычнымі сродкамі.
— Захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Оригинальная статья